Russian Belarusian

Дастаеўскі Фёдар Міхайлавіч
(1821—1881)

Дастаеўскі Фёдар Міхайлавіч

Дастаеўскі Фёдар Міхайлавіч нарадзіўся 11.11.1821 у Маскве.

Рускі пісьменнік. Род Дастаеўскіх беларускага паходжання. У 1506 яго продкі атрымалі грамату на в. Дастоева (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобласці). Скончыў Пецярбургскае ваенна-інжынернае вучылішча (1843). Дэбютаваў перакладам рамана А.Бальзака «Яўгенія Грандэ» (1844). Першы раман «Бедныя людзі» (1846) паставіў Дастаеўскага ў шэраг вядомых прадстаўнікоў натуральнай школы. У 2-й палове 1840-х г. захапляўся ідэямі сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у гуртку М.Петрашэўскага прыгавораны (1849) да пакарання смерцю, замененага катаргай (адбываў у Омску, 1850—1854), потым праходзіў салдатчыну. На катарзе перажыў духоўны крызіс: страціў веру ў мажлівасць перабудовы грамадства рэвалюцыйным шляхам. У той жа час абвастрыліся яго ўспрыманне чалавечых пакут і трывога за лёс чалавецтва. 3 1859 жыў у Пецярбургу. Напісаў і выдаў творы «Дзядзечкаў сон», «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (абодва 1859), «Прыніжаныя і зняважаныя» (1861). У «Запісках з Мёртвага дома» (1861—1862) паказаў жахі катаргі. 3 братам Міхаілам выдаў часопіс «Время» (1861—1863) і «Эпоха» (1864—1865), у якіх прапагандаваў ідэі т. зв. почвеніцтва. У 1863 напісаў аповесць «Запіскі з падполля», якія сталі вяхой на шляху распрацоўкі ім філасофскага рамана.

Раманы «Злачынства і кара», «Гулец» (абодва 1866), «Ідыёт» (1868), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879—1880) адлюстравалі глыбокія супярэчнасці расійскай рэчаіснасці і грамадскай думкі ў эпоху вялікіх сацыяльных зрухаў у Расіі і Заходней Еўропе. У іх Дастаеўскі выказаў бязмернасць пакут абяздоленага чалавека. Свет чалавечых пакут — аснова ўсёй рэалістычнай творчасці пісьменніка. Пафас яго твораў — барацьба супраць арэчаўлення чалавека, нівеліроўкі і абясцэнь вання асобы ва ўмовах капіталізму. Самыя вострыя праблемы часу Дастаеўскі пераносіў у раманы, як у «лабараторныя» ўмовы, каб паказаць іх магчымы кірунак і вынік у маштабах усяго чалавецтва. Герой Дастаеўскага — чалавек ідэі, непаўторнага светаўспрымання. Свядомасць галоўных герояў Дастаеўскага — арэна барацьбы пунктаў погляду. Звычайна героі яго твораў паказваюцца ў моманты крызісу, пералому, калі ідэя авалодвае глыбінямі іх натуры, пераходзіць у моцнае пачуццё. У паказе здзеку з чалавечай годнасці, у перадачы самых тонкіх перажыванняў Дастаеўскі дасягае незвычайных мастацкіх вышынь. У рамане «3лачынства і кара» ён выкрыў буржуазны індывідуалізм, паказаў заганнасць, антычалавечнасць тэорыі «права моцнага», «права на праліццё крыві». У ім гранічная напружанасць думкі і філасофска-псіхалагічнага дыялога. Дыялог у творах Дастаеўскага разгортваецца як споведзь герояў. У рамане «Ідыёт» высакародны чалавек сутыкаецца з бесчалавечным грамадствам, раскрываецца яго трагічнае бяссілле перад амаралізмам і прагаю грошай. Вельмі моцна гучыць заўсёднае імкненне пісьменніка зберагчы веру ў чалавека, знайсці і ўвасобіць свой ідэал. Адначасова пісьменнік ідэалізаваў пакорлівасць і ўзвышаныя пакуты чалавека, праводзіў ідэю маральнага самаўдасканалення на рэлігійнай аснове. Самы супярэчлівы твор Дастаеўскага раман «Д'яблы» (1871— 1872). Гэта ў нейкай ступені памфлет на рускую рэвалюцыйную дэмакратыю, якую ён беспадстаўна атаясамліваў з буржуазным індывідуалізмам. Разам з тым у творы ёсць і больш значны, глыбокі ідэйна-мастацкі змест, які робіць яго сугучным нашым сённяшнім адносінам да разбуральнага, цалкам амаральнага экстрэмізму. Раман «Падлетак» — пра драпежніцтва і маральны распад буржуазіі. Вяршыняй філасофскіх, сацыяльных і псіхалагічных пошукаў пісьменніка з'яўляецца яго апошні раман «Браты Карамазавы». У ім адбіўся жах аўтара перад звярыным у чалавеку, перад яго разбэшчанасцю і эгаізмам, абвастрылася пакутлівае хістанне пісьменніка паміж ідэалізацыяй пакорлівасці і бунтам супраць яе. Дастаеўскі стварыў новы тып рамана, блізкага да трагічнага тэатра. Ён выявіў важныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, паставіў праблемы сусветнай значнасці. Многія яго творы экранізуюцца і інсцэніруюцца.

Творы Дастаеўскага зрабілі велізарны ўплыў на рускую, беларускую і сусветную літаратуру. М.Гарэцкі (драма «Антон» і інш.), шукаючы адказы на шмат якія праблемы нацыянальнага характару, апіраўся і на мастацка-псіхалагічныя адкрыцці аўтара «Братоў Карамазавых». Беларускі раман, які рабіўся ўсё больш псіхалагічным і аналітычным (творчасць К.Чорнага), вельмі плённа выкарыстоўваў вопыт Дастаеўскага. Прыкметныя сляды вучобы ў Дастаеўскага ў творах М.Зарэцкага («Сцежкі-дарожкі» і інш.). У беларускім перакладзе выйшлі раман Дастаеўскага «Бедныя людзі» (1930, пер. Я.Плашчынскі), аповесці «Белыя ночы» і апавяданне «Палзункоў» (1971, пер. Л.Салавей). Першыя пастаноўкі твораў Дастаеўскага на Беларусі адбыліся ў пачатку 20 ст. Аматарскімі і прафесійнымі калектывамі ставіліся спектаклі паводле раманаў Дастаеўскага «Ідыёт» (Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; Таварыства рускай драмы, 1921; Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, 1970), «Прыніжаныя і зняважаныя» (тэатр імя Я.Коласа, 1957, 1973), «Злачынства і кара» (Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; тэатр імя Я.Коласа, 1962), «Дзядзечкаў сон» (тэатр імя Я.Купалы, 1978). У в. Дастоева працуе літаратурна-краязнаўчы музей Дастаеўскага.

У 1919 Архірэйскі завулак у Мінску перайменаваны ў вуліцу Ф.М. Дастоеўскага, імя пісьменніка атрымаў і завулак, які прылягае да вуліцы.

Дастаеўскі Фёдар Міхайлавіч

Дастаеўскі Фёдар Міхайлавіч

Вуліца Ф. М. Дастоеўскага забудавана дамамі сядзібнага тыпу (мікрараён Сельгаспасёлак). У будучыні тут плануецца будаўніцтва новага жылога квартала.