Чарнышэўскі Мікалай Гаўрылавіч
(1828—1889)
Чарнышэўскі Мікалай Гаўрылавіч нарадзіўся 24.7.1828 у г. Саратаў, Расія.
Рускі філосаф, пісьменнік, літаратурны крытык. Магістр (1855). Вучыўся ў Саратаўскай духоўнай семінарыі (1842—1845), скончыў Пецярбургскі універсітэт (1850). Працаваў выкладчыкам літаратуры ў Саратаўскай гімназіі. 3 1853 у Пецярбургу: супрацоўнічаў у часопісе «Отечественные записки», галоўны рэдактар часопіса «Современик». У 1862 арыштаваны за дачыненне (не даказанае) да напісання пракламацыі «Панскім сялянам ад іх дабрадзеяў паклон», а ў 1864 прыгавораны сенацкім судом да катаргі і вечнага пасялення ў Сібіры. У 1883 пераехаў у Астрахань, потым у Саратаў. Светапогляд Чарнышэўскага фарміраваўся пад уплывам ідэй класічнай нямецкай філасофіі (Г. Гегель, Л. Феербах), англійскай палітычнай эканоміі (Д. Рыкарда), французскага утапічнага сацыялізму (Ш. Фур'е і інш.), а таксама В.Р. Бялінскага, А.І. Герцэна, П. Леру, П.Ж. Прудона. У асноўнай філасофскай працы «Антрапалагічны прынцып у філасофіі» (1860) сцвярджаў, што чалавек мае адну рэальную натуру — матэрыяльную. У адрозненне ад Феербаха бачыў у чалавеку не толькі родавае, але і сацыяльна-гістарычнае стварэнне. Лічыў, што на аснове сялянскай абшчыны, злучанай з навукова-тэхнічнымі дасягненнямі Захаду, Расія ў стане перайсці да сацыялізму; шляхам да такога пераходу лічыў сацыялістычную рэвалюцыю. У рамане «Што рабіць?» (1863) даў вобразны малюнак «светлай і цудоўнай» будучыні чалавецтва — сацыялізму, які грунтуецца на грамадскай уласнасці. Эстэтыку разглядаў як «сістэму агульных прынцыпаў мастацтва ўвогуле і паэзіі ў асаблівасці». На яго думку, творы мастацтва ўзнікаюць на глебе сапраўдных патрэбнасцей чалавека (праўды, любові і паляпшэння быту), таму прадметам мастацтва можа і павінна стаць рэальная рэчаіснасць, а не штосьці абсалютнае і недасягальнае. У яго этычных поглядах узвялічваецца праца і людзі працы, асуджаецца марнае жыццё, адстойваецца разумны эгаізм асобы. Развітыя Чарнышэўскім рэалістычныя традыцыі ў разуменні суадносін мастацтва і рэчаіснасці паўплывалі на творчасць многіх беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва пачатку 20 стагоддзя. Пад ідэйным уплывам Чарнышэўскага фарміраваўся светапогляд К. Каліноўскага. Сярод вучняў і паслядоўнікаў Чарнышэўскага былі браты А.Д. і Б.Д. Трусавы і інш. Ідэйная спадчына Чарнышэўскага стала адной з тэарэтычных крыніц станаўлення беларускай эстэтыкі, у 1920-я г. яе вывучалі С. Вальфсон, І. Герчыкаў і інш.
У Мінску яго імя носіць вуліца (1939) (Першамайскі раён), 2 завулка, праезд. 1-ы завулак Чарнышэўскага знаходіцца ў Савецкім раёне.
На вуліцы размешчаны Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Першамайскага раёна.