Някрасаў Мікалай Аляксеевіч
(1821—1878)
Някрасаў Мікалай Аляксеевіч нарадзіўся 10.12.1821 у в. Сінькі Ульянаўскага раёна Кіраваградскай вобласці, Украіна.
Рускі паэт. Вучыўся ў Яраслаўскай гімназіі (1832—1837). У 1839—1840 вольнаслухач Пецярбургскага універсітэта. Першы зборнік вершаў — «Мары і гукі» (1840). У 1845 выдаў зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2), у 1846 — «Пецярбургскі зборнік», у якіх змешчаны творы пісьменнікаў натуральнай школы. Выдаваў і фактычна рэдагаваў часопіс «Современник» (1847—1866), з 1868 рэдактар часопіса «Отечественные записки». Збліжэнне з В. Бялінскім, пазней супрацоўніцтва з М. Чарнышэўскім і М. Дабралюбавым зрабілі ўплыў на фарміраванне яго рэвалюцыйна-дэмакратычнага светапогляду і глыбока народную рэалістычную творчасць. Вершы 1840-х гадоў востра сацыяльныя, у іх спалучаецца пранікнёны лірызм з бязлітаснай сатырай. Праз усю творчасць Някрасава праходзіць тэма народа, увасобленая ў разнастайнасці тыпаў і характараў: цыкл вершаў «Пра надвор'е», вершы «Роздум каля параднага пад'езда», «На Волзе», «Плач дзяцей», «Чыгунка», «Песня пра свабоднае слова», паэмы «Мароз, Чырвоны нос» (1863—1864), «Каму на Русі жыць добра» (1866—1881, не завершана; на беларускую мову пераклаў А. Якімовіч, 1940) і інш. Аўтар паэм «Няшчасныя» (1858, не завершана), «Дзядуля» (1870), «Рускія жанчыны» (1872—1873; прысвечана жонкам дзекабрыстаў), сатырычная «Сучаснікі» (ч. 1—2, 1875—1876), раманаў «Тры краіны свету» (1848—1849), «Мёртвае возера» (1851, абодва ў сааўт. з А. Панаевай) і інш. Пісаў апавяданні, нарысы, фельетоны, драматычныя творы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, творы для дзяцей і інш.
Адзін з першых звярнуў увагу на гаротнае жыццё беларускага народа, стварыў вобраз беларуса («Чыгунка» і «Каму на Русі жыць добра»). Грамадзянская, дэмакратычная, цесна звязаная з фальклорам, паэзія Някрасава зрабіла вялікі ўплыў на развіццё рускай літаратуры і літаратуры іншых народаў, у т. л. беларускай.
Беларуская паэзія развівалі някрасаўскую павагу да мужіка, заклікалі народ да барацьбы за сацыльная і духоўнае вызваленне. Пад знакам ідэй : «песняра гора народнага» развівалася паэзія У. Сыракомлі, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны. А. Гурыновіч шырока выкарыстоўваў вобразнасць Някрасава ў сваіх вершах, пераклаў на беларускую мову паэму «Мароз, Чырвоны нос». Новым этапам у асваенні традыцый Някрасава з'явілася творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі. Агульнасць маральна-этычных пазіцый Я. Купалы і Някрасава адчуваецца ў вершах «Пашкадуй мужыка», «Жніво», паэме «Яна і я». Коласаўскія вобразы сялян-працаўнікоў, праўдашукальнікаў — блізкія да вобразаў паэмы «Каму на Русі жыць добра». У 2-й палове 19 ст. на Беларусі ставіліся прасякнутыя сацыяльна-дэмакратычнымі матывамі вадэвілі Някрасава. «Вось што значыць пакахаць актрысу», «Шыла ў мяшку не ўтоіш, а дзяўчыну пад замком не ўтрымаеш», «Акцёр», меладрама «Мацярынскае благаславенне, або Беднасць і гонар» (пераклад-пераробка французскай п'есы А. Дэнеры і Г. Лемуана), драма «Асенні сум». Паэтызацыя працы (асабліва сялянскай), прыроды, гуманізм, прага дабра і справядлівасці — гэтыя рысы паэзіі Някрасава паўплывалі на фарміраванне эстэтычнага ідэалу беларускай паэзіі. Беларускія паэты выкарыстоўвалі вопыт Някрасава па збліжэнні паэзіі з прозай (празаізацыя паэзіі), з інш. літаратурнымі жанрамі. Бліскучыя ўзоры ўзаемапранікнення лірычнага і публіцыстычнага пачаткаў у творах Някрасава садзейнічалі творчаму росту многіх беларускіх паэтаў (П. Броўка, А. Куляшоў, М. Танк, П. Панчанка, Г. Бураўкін, А. Вялюгін, А. Вярцінскі, Н. Гілевіч, А. Русецкі і інш.). На беларускую мову асобныя творы Някрасава пераклалі Я. Купала, П. Броўка, М. Танк, Р. Барадулін, А. Бачыла, Г. Бураўкін, А. Вярцінскі, М. Лужанін, Я. Семяжон і інш.
У Мінску яго імя носіць вуліца (1937) і завулак.