Ламаносаў Міхаіл Васілевіч
(1711—1765)
Ламаносаў Міхаіл Васілевіч нарадзіўся 19.11.1711 у в. Дзянісаўка, цяпер с. Ламаносава Халмагорскага раёна Архангельскай вобласці, Расія.
Рускі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак, гісторык, асветнік. Акадэмік Пецярбургскай АН (1745), член расійскай Акадэміі мастацтваў (1763). Ганаровы член Шведскай (1760) і Балонскай (1764). Вучыўся ў Славяна-грэка-лацінскай акадэміі ў Маскве (1731—1735), у акадэмічным ун-це ў Пецярбургу (1735), у Германіі (1736—1741). 3 1742 у Пецярбургскай АН, прафесар хіміі (з 1745). З 1748 працаваў у першай у Расіі хімічнай лабараторыі пры АН (створана па яго ініцыятыве), адначасова (з 1756) на заснаванай ім шкляной фабрыцы. Навуковыя даследаванні па хіміі, фізіцы, астраноміі, геаграфіі, геалогіі, металургіі. Распрацаваў асновы карпускулярнага (атамна-малекулярнага) вучэння; малекулярна-кінетычную тэорыю цяпла і газаў, тэорыю колераў. Эксперыментальна даказаў закон захавання масы рэчыва ў хімічных рэакцыях (1756), сфармуляваў прынцып захавання матэрыі і руху. Адзін з заснавальнікаў фізічнай хіміі. Абгрунтаваў неабходнасць выкарыстання фізічнага метаду ў хіміі, даў фізічнай хіміі азначэнне, блізкае да сучаснага, напісаў «Увядзенне ў сапраўдную фізічную хімію» (1752). Прапанаваў канструкцыю шэрагу (каля 100) розных прылад, у т. л. аптычных. Адкрыў існаванне атмасферы на Венеры (1761). У працы «Першыя асновы металургіі або рудных спраў» (1763) апісаў уласцівасці металаў і практычныя метады іх атрымання. Выклаў асновы тэорыі геалагічнага развіцця Землі і зямной кары. Растлумачыў паходжанне многіх карысных выкапняў і мінералаў. Быў кіраўніком Геаграфічнага дэпартамента. 3 яго ўдзелам складаўся геаграфічны «Атлас Расійскі». Даследаваў марскія льды і даў іх першую класіфікацыю. Выказаў ідэю аб важнасці для Расіі даследавання Паўночнага марскога шляху і асваення Сібіры. У 1755 па ініцыятыве Ламаносава створаны Маскоўскі універсітэт.
Ламаносаў — адзін з пачынальнікаў новай рускай літаратуры, рэфарматар рускага вершаскладання. У «Лісце аб правілах расійскага вершаскладання» (1739, апубл. 1778) абгрунтаваў сілаба-танічную сістэму вершаскладання. Стваральнік новых літаратурных жанраў, у т. л. рускай оды філасофскага і высокага грамадзянскага гучання («На ўзяцце Хаціна», 1751, і інш.). Аўтар паэмы «Пётр Вялікі» (незавершаная, часткова апубл. 1760—1761), трагедый у вершах «Таміра і Селім» (1750), «Дземафонт» (1752) і інш., вершаў на выпадак (надпісы, эпіграмы і г.д.). Яго сатыра «Гімн барадзе» распаўсюджвалася ў спісах (апубл. 1859). Асноўныя рысы паэзіі Ламаносава — грамадзянскасць, патрыятызм, пачуццё ўласнай годнасці паэта. Перакладаў Гамера, Вергілія, Авідзія і інш. антычных аўтараў. Напісаў фундаментальныя філалагічныя працы: «Кароткі дапаможнік красамоўства» (1748; першая руская рыторыка), «Расійская граматыка» (1757; першая руская граматыка), «Прадмова пра карысць кніг царкоўных у расійскай мове» (1758; першая спроба рускай стылістыкі). На дакументальнай аснове склаў «Старажытную расійскую гісторыю ад пачатку расійскага народа да... 1054 года» (ч. 1—2, 1754—1758, апубл. 1766), «Кароткі расійскі летапісец з радаводам» (1760), у якіх крытыкаваў нарманскую тэорыю. Вынайшаў і распрацаваў новы спосаб вырабу смальты для мазаік, заснаваў мазаічную майстэрню, у якой ствараліся партрэты, абразы, ландшафты («Вобраз Хрыста», 1753; пано «Палтаўская баталія», 1762—1764).
У Мінску яго імя носіць вуліца (1940) і завулак.