220013, г.Минск, ул. Дорошевича, 8,

приемная администрации: +375 17 378-34-12,

факс: +375 17 353-32-21, +375 17 379-25-75,

sovadm@minsk.gov.by (не используется для направления электронных обращений граждан и юридических лиц.
Реализовать данную возможность можно через сайт обращения.бел (интернет-сайт))

«горячая линия»

Рус Бел

Крапоткін Пётр Аляксеевіч
(1842—1921)

Крапоткін Пётр Аляксеевіч

Крапоткін Пётр Аляксеевіч нарадзіўся 9.12.1842 у г. Масква.

Рускі вучоны-энцыклапедыст, дзеяч расійскага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху, тэарэтык анархізму.

Скончыў Пажскі корпус (1862). У 1864—1866 падарожнічаў па раёнах Паўночнай Маньчжурыі, паўночным схіле Усходняга Саяна, даследаваў Патамскае нагор'е і Віцімскае пласкагор'е. 3 1867 сакратар аддзялення фізічнай геаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства ў Пецярбургу. Удзельнік анархісцкага (бакунінскага) крыла I Інтэрнацыянала (1872), народніцкага гуртка чайкоўцаў. У 1874 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. 3 1876 у эміграцыі ў Швейцарыі, Францыі і Англіі. 3 1879 рэдактар штотыднёвіка анархістаў «Le Revolte» («Бунтар»). У чэрвені 1917 вярнуўся ў Расію, у жніўні на Дзяржаўнай нарадзе ў Маскве выступіў з заклікам да «сацыяльнага міру» і прапанаваў ператварыць Расію на ўзор ЗША у федэратыўную рэспубліку.

У 1917—1918 старшыня створанай у Маскве Лігі федэралістаў. Асноўныя палажэнні сацыялагічнага вучэння Крапоткіна, якое ён называў анархічным камунізмам, выкладзены ў творах «Прамова бунтаўшчыка» (1885), «Хлеб і воля» (1892), «Анархія, яе філасофія, яе ідэал» (1896), «Вялікая французская рэвалюцыя, 1789—1793» (1909), «Сучасная навука і анархія» (1913) і інш. Крытэрыем сац. прагрэсу Крапоткін лічыў вызваленне чалавека з-пад прыгнёту дзяржавы і яго поўную, нічым не абмежаваную свабоду, выступаў за стварэнне федэрацыі свабодных вытв. абшчын (камун) адразу пасля перамогі сац. рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, «калі кіруючыя класы сваёй сляпой упартасцю зробяць яе непазбежнай». У адрозненне ад П.Ж.Прудона, М.Бакуніна, М.Штырнера і інш. ідэолагаў анархізму ён бачыў у сац. рэвалюцыі не стыхійны бунт, а ўсвядомленае народнае дзеянне, накіраванае на ўсталяванне ў грамадстве гарманічных адносін салідарнасці, справядлівасці, самаахвярнасці і ўзаемадапамогі паміж людзьмі. Дзяржаўны федэралізм лічыў пераходнай формай да бездзяржаўнага ладу (таксама як і розныя формы мясцовай аўтаноміі, рэгіянальнага самакіравання) і сродкам функцыянальнай дэцэнтралізацыі ўлады, больш поўнага ўліку нацыянальных асаблівасцей і разнастайнасці быту.

Для філасофскіх поглядаў Крапоткіна характэрны натуралізм, крытычныя адносіны да дыялектычнага метаду Г.Гегеля і К.Маркса, які ён прапанаваў замяніць «адзіна навуковым індуктыўным метадам». Анархічная дактрына Крапоткіна непасрэдна звязана з яго прырода-знаўчанавуковымі ўяўленнямі. У галіне біялогіі ён выказаў ідэі аб узаемадапамозе і падтрымцы як фактары эвалюцыі, аб адсутнасці ўнутрывідавой барацьбы. Распрацаваў схему араграфіі Паўночна-Усходняй Азіі, выявіў сляды старажытнага абледзянення і вулканізму на Усходнім Саяне. У працы «Даследаванні пра ледніковы перыяд» (1876) прывёў доказы шырокага распаўсюджвання ў антрапагенны час мацерыковага абледзянення на тэр. Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі, выказаў думку аб геалагічнай роднасці Канады і Сібіры. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання «Зямля і людзі. Усеагульная геаграфія» Э. Рэклю.

Крапоткін Пётр Аляксеевіч

У Мінску яго імя носіць вуліца (1922), 2 завулка. На вуліцы размешчаны: Дэпартамент па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

Крапоткін Пётр Аляксеевіч