Броўка Пятрусь (Пётр Усцінавіч)
(1905—1980)
Броўка Пётр Усцінавіч нарадзіўся 12.06.1905 у в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобласці, беларускі паэт і грамадскі дзеяч. Народны паэт Беларусі (1962). Акадэмік Акадэміі наук Беларусі (1966, член-карыспандэнт з 1953). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1975). Герой Сацыялістычнай Працы (1972).
Скончыў БДУ (1931). З 1918 працаваў перапісчыкам у Велікадолецкім ваенным камісарыяце, справаводам у валвыканкоме, рахункаводам у саўгасе, старшынёй Маладолецкага сельсавета. У 1925 накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ. У1927—1928 адказны сакратар газеты «Чырвоная Полаччына». З 1940 рэдактар часопіса «Полымя». У 1941—1942 працаваў у франтавой газеце «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў у партызанскім друку. З 1943 адказны сакратар СП БССР, з 1945 рэдактар часопіса «Полымя». У 1948—1967 старшыня праўлення СП БССР, у 1967—1980 галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».
Друкаваўся з 1926. Першыя зборнікі «Гарады як шторм» і «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» і аповесць «Каландры» (1931). Ранняя лірыка прасякнута матывамі ўслаўлення рэвалюцыі, новай рэчаіснасці. Пераадольваючы пэўную рытарычнасць і рамантычны схематызм, паэт авалодаў прынцыпамі канкрэтна-рэалістычнага адлюстравання жыцця (зборнік «Прыход героя», 1935). У героіка- рамантычнай паэме «Праз горы і стэп» (1932), прысвечанай падзеям грамадзянскай вайны, і рэалістычна-бытавой паэме «1914» (1935) канкрэтнасць лірычнага перажывання праўдзівасць у раскрыцці чалавечых характараў. У зборніках «Вясна Радзімы» (1937) і «Шляхамі баравымі» побач з грамадскімі праблемамі значнае месца займае інтымная і пейзажная лірыка. Паэт плённа вучыцца ў Я. Купалы, арганічна засвойвае асаблівасці народна-паэтычнага мыслення.У гады Вялікай Айчыннай вайны узмацняецца патрыятычнае гучанне паэзіі Броўкі. Подзвіг народа, тэма вернасці Радзіме, пераемнасці гераічных традыцый атрымалі глыбокае лірычнае і шырокае эпічнае ўвасабленне ў «Паэме пра Смалячкова» (1943), паэмах «Беларусь» (1943) і «Ясны кут» (1944), вершах «Кастусь Каліноўскі», «Надзя-Надзейка», «Рана», «Магіла байца», «Будзем сеяць, беларусы!». Многія творы Броўкі пасляваеннага часу (паэма «Паланянка», 1945; вершы «Парк Перамогі», «Смерць героя») яшчэ звязаны з яго франтавой лірыкай, але пафас творчасці паэта вызначае тэма мірнай працы (паэма «Хлеб», 1946). У зборніках «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950, Дзяржаўная прэмія СССР 1951), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвердымі крокамі» (1954), рамане «Калі зліваюцца рэкі» (1956, Літаратурная прэмія імя Я. Коласа 1959; па матывах рамана балет Г. Вагнера «Святло і цені», паст. 1963). За паэму «Хлеб», вершы «Думы пра Маскву», «Брат і сястра», «Народнае дзякуй», «Каб мне стаць...», «Спатканне» прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР 1947 у 1960—1970-я ўзмацнілася ўвага паэта да маральна-этычных, агульначалавечых праблем, шырокае гучанне набыла інтэрнацыянальная тэма. У паэзіі дасягнуў цэласнасці лірычнага характару, гарманічнасці ў выяўленні асабістага і грамадскага. Творчасць Броўкі напоўнілася матывамі, звязанымі з асабістай біяграфіяй, з камсамольскім юнацтвам, маладосцю, авеянымі героікай рэвалюцыйнай барацьбы. Вяршынным дасягненнем творчасці Броўкі сталі зборнікі «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1961, Ленінская прэмія 1962), «Заўсёды з Леніным» (1967), «Між чырвоных рабін» (1969, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы 1970), «Калі ласка» (1972), «І ўдзень і ўночы...» і кніга прозы «Разам з камісарам» (1974). У паэме «Голас сэрца» (1960) пранікнена адгукнулася памяць пра маці, закатаваную ў фашысцкім канцлагеры. Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны», «Алеся» (з Я. Рамановічам). На беларускую мову пераклаў творы У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Бажана, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф’ева, У. Бранеўскага, Дж. Байрана і інш. Дзяржаўная прэмія БССР за ўдзел у выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.
Ганаровы грамадзянін Мінска (1980). Яго імем названа вуліца ў Мінску, заснаваны літаратурны музей, на доме, дзе жыў, мемарыяльная дошка.
На вуліцы размешчаны: інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (машынабудавання, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, цепла- i масаабмену iмя А.В. Лыкава), Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (галоўны корпус, басейн), Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі і эканомікі аховы здароўя, Мінскі абласны клінічны цэнтр «Псіхіятрыя-наркалогія», Мінскі абласны скурна-венералагічны дыспансер, Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі, корпус Мінскай дзіцячай абласной клінічнай бальніцы, корпус № 2 Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі, Беларускі фонд сацыяльнай абароны былых ваеннаслужачых, Камітэт дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці, Беларуская федэрацыя барацьбы, ААТ «Амкадор», Інфармацыйнае агенцтва «Інтэрфакс-Захад».