Александроўская Ларыса Пампееўна
(1904—1980)
Александроўская Ларыса Пампееўна (15.2.1904, Мінск — 23.5.1980); беларуская спявачка (сапрана), рэжысёр і грамадскі дзеяч. Народная артыстка Беларусі (1938), народная артыстка СССР (1940). Скончыла Беларускі музычны тэхнікум (1928, клас В. Цвяткова) опернае майстэрства ўдасканальвала ў А. Баначыча (1930—1933). У 1919—1924 удзельніца арганізаванай ёю самадзейнай трупы пры палітаддзеле Заходняга фронту. У оперы дэбютавала ў 1928 партыяй Маргарыты («Фауст» Ш. Гуно, спектакль музыкальнага тэхнікума). Да 1960 салістка, у 1951—1960 і галоўны рэжысёр Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам шырокага дыяпазону, выконвала сапранавыя і мецца-сапранавыя партыі. Музыкальнасць, драматычны тэмперамент і артыстызм абумовілі моцнае эмацыянальнае ўздзеянне створаных ёю вобразаў. Сярод партый у нацыянальных спектаклях: Марыся і Алеся («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я. Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А. Туранкова), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Д. Лукаса). Своеасаблівасцю вакальна-сцэнічнай трактоўкі, пранікнёным лірызмам вызначаліся партыі ў класічных операх: Кармэн («Кармэн» Ж. Бізэ), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Яраслаўна, Канчакоўна («Князь Ігар» А. Барадзіна), Любаша («Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава) і інш. Рэжысёр пастановак: «Запарожац за Дунаем» С. Гулак-Арцямоўскага (1951), «Страшны двор» С. Манюшкі і «Мазепа» Чайкоўскага (1952), «Дзяўчына з Палесся» Я. Цікоцкага і «Аіда» Д. Вердзі (1953), «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага (1954), «Надзея Дурава» А. Багатырова (1956), «Міхась Падгорны» (1957), «Яснае світанне» Туранкова (1958), «Пікавая дама» (1960) і інш. Выступала як канцэртная спявачка, выконвала беларускія народныя песні, у тым ліку. на Міжнароднай музыкальканай выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне (1927), гастраліравала ў Германіі, Швецыі (з С. Навіцкім; першы выезд беларускіх артыстаў за мяжу ў савецкі час). Адна з арганізатараў Беларускага тэатральнага аб’яднання (з 1946 старшыня, з 1976 ганаровы старшыня яго прэзідыума). Дзяржаўная прэмія СССР 1941.
З 1987 г. у Мінску праводзіцца Рэспубліканскі, з 2004 праходзіць Міжнародны конкурс вакалістаў імя Александроўскай. У 1992 устаноўлена прэмія імя Александроўскай у галіне тэатральнага мастацтва. Яе імя носіць музычная школа № 1 у Мінску.
Імем Ларысы Александроўскай названа вуліца (2014), якая знаходзіцца ў раёне вуліцы Кальцова. На доме (вуліца Захарава, 27), дзе жыла спявачка, устаноўлена мемарыяльная дошка (1981).