220013, г.Минск, ул. Дорошевича, 8,

приемная администрации: +375 17 378-34-12,

факс: +375 17 353-32-21, +375 17 379-25-75,

sovadm@minsk.gov.by (не используется для направления электронных обращений граждан и юридических лиц.
Реализовать данную возможность можно через сайт обращения.бел (интернет-сайт))

«горячая линия»

Рус Бел

Мележ Іван Паўлавіч
(1921—1976)

Мележ Іван Паўлавіч

Мележ Іван Паўлавіч нарадзіўся 8.2.1921 ў вёске Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.

Беларускі пісьменнік. Народны пісьменнік Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1945). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1942 пад Растовам цяжка паранены. У 1941—1942 вёў дзённік. 3 1945 працаваў у часопісе «Полымя», у апараце ЦК КП(б)Б. 3 1966 сакратар, у 1971—1976 намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Дэбютаваў вершамі ў 1939. Як празаік упершыню выступіў у 1943 у газеце «Бугурусланская правда». Першае апавяданне на беларускай мове «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў — «У завіруху» — высока ацаніў К.Чорны. У 1946 яно дало назву зборніку. Аповесць «Гарачы жнівень» (1946) пра цяжкасці аднаўленчага перыяду. Першы раман «Мінскі напрамак» (1952). У 1960—70-я гэты твор перапрацаваны і стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на сапраўдныя народныя характары, праз якія пераканаўча паказана героіка і трагедыя вайны. Выдаў зборнікі апавяданняў «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Аўтар п'есы пра інтэлігенцыю «Пакуль вы маладыя» (1956, паст. Беларускім тэатрам імя Я.Купалы 1957), гісторыка-рэвалюцыйнай драмы «Дні нараджэння» (1958, паст. тамсама 1959). Найвялікшым дасягненнем Мележа і ўсёй беларускай літаратуры стала трылогія з цыкла «Палеская хроніка» — раманы «Людзі на балоце» (1961, Літаратурная прэмія імя Я.Коласа 1962), «Подых навальніцы» (1964—1965, за абодва Ленінская прэмія 1972) і «Завеі, снежань» (1976). Раман «Людзі на балоце» Мележ пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы—даследаванні. У іх выявілася грамадзянская смеласць і ідэйна-мастацкая маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—30-х гадоў, праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафесійнай культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы беларускага селяніна.

Непаўторная мастацкая канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вялікі ідэйны змест данесены праз дасканалую мастацкую форму і адметныя вобразы. Лёс і драма жыцця і кахання Васіля Дзятла і Ганны індывідуальныя, глыбока народныя, і астатнія вобразы паказаны ва ўсёй іх складанасці, глыбіні і непаўторнасці, яны сцвярджаюць чалавечнасць у чалавеку. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-мастацкая асэнсаванне жыцця беларускага народа на вельмі важным гістарычным этапе, яна стала нацыянальнай эпапеяй. У 1975 Мележ выдаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв'ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваенных гадоў). Паводле «Палескай хронікі» Беларускае тэлебачанне паставіла 3-серыйны тэлеспектакль (1965), у 1979 — тэлеспектакль па рамане «Завеі, снежань». Беларускі тэатр імя Я.Купалы паставіў спектакль «Людзі на балоце» (1966, інсцэніроўка Т.Абакумоўскай і З.Браварскай). Паводле матываў гэтага рамана К.Цесакоў стварыў радыёоперу «Барвовы золак» (1983). Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакументальны фільм «Іван Мележ» (сцэнарый В.Адамчыка, 1978). Рэжысёры В.Тураў і Дз.Зайцаў на студыі «Беларусьфільм» паставілі мастацкія кінафільмы «Людзі на балоце» (1982, Дзяржаўная прэмія СССР 1984) і «Подых навальніцы» (1983). У 1984 Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм.

І.Мележ быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Францыя», старшынёй Беларускага камітэта абароны Міру, член Сусветнага Савета Міру. Яго імем названы школа ў в. Глінішча, бібліятэка ў Гомелі, цеплаход. У в. Глінішча адкрыты літаратурны музей Івана Мележа. У 1980 устаноўлена Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа.

У Мінску яго імя носіць вуліца (1977), дзе на доме № 1, таксама на доме, дзе ён жыў (вул. Я. Купалы, 7) мемарыяльныя дошкі.

Мележ Іван Паўлавіч

Мележ Іван Паўлавіч

На вуліцы размешчаны бізнесцэнтр «Ветразь».