Russian Belarusian

Корш-Саблін Уладзімір Уладзіміравіч
(1900—1974)

Корш-Саблін Уладзімір Уладзіміравіч

Корш-Саблін (сапр. Саблін ) Уладзімір Уладзіміравіч нарадзіўся ў 29.03.1900 у г. Масква.

Беларускі кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай кінематаграфіі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1935). Народны артыст Беларусі (1955). Народны артыст СССР (1969). 3 1923 працаваў у тэатрах Расіі, здымаўся ў кіно, быў асістэнтам рэжысёра Ю. Тарыча. 3 1926 у беларускім кінематографе. У 1945—1960 і 1969—1974 мастацкі кіраўнік кінастудыі «Беларусьфільм», у 1957—1974 першы сакратар Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «У агні народжаная» (1929). Пастаноўшчык першага гукавога фільма ў беларускім ігравым кіно «Першы ўзвод» («Заходні фронт», 1933), прысвечанага падзеям 1-й сусветнай вайны. Фільм «Залатыя агні» (1935) пра будаўнікоў першай на Беларусі электрастанцыі вызначаўся падзелам герояў на свядомых і несвядомых, увядзеннем у сюжэт характэрнай для тагачаснай драматургіі лініі шкодніцтва. У кінааповесці «Дачка Радзімы» (1937), лірычных камедыях «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Маё каханне» (1940) ідэалізацыя савецкай рэчаіснасці. У гады Вялікай Айчынай вайны паставіў «Беларускія навелы» (з Тарычам, 1942), кінаканцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (з М.Садковічам, 1944). Да сучаснасці звяртаўся ў фільмах «Новы дом» (1947), «Пяюць жаваранкі» (з К.Саннікавым, 1953) і «Хто смяецца апошнім» (1955) па п'есах К.Крапівы, «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956), але глыбокага асэнсавання закранутых праблем не дасягнуў. Асноўны кірунак кінатворчасці Корш-Сабліна — паказ героікі барацьбы за ідэалы рэвалюцыі: «Вогненныя гады» (1939), «Канстанцін Заслонаў» (з А.Файнцымерам, 1949; Дзяржаўная прэмія СССР 1950), «Чырвонае лісце» (1958), «Масква—Генуя» (з А.Спешневым, П.Армандам, 1964; Дзяржаўная прэмія Беларусі 1968), «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970). Паставіў дылогію «Першыя выпрабаванні» (1960—1961) паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», многія калізіі, сюжэтныя лініі якой увасоблены з уласцівай рэжысёру кінематаграфічнай выразнасцю. Для творчасці Корш-Сабліна характэрны яснасць грамадзянскай пазіцыі, рэвалюцыйны пафас, выразнасць вобразаў галоўных герояў.

Корш-Саблін Уладзімір Уладзіміравіч

У Мінску яго імя носіць вуліца (1975), дзе на доме № 1, таксама на доме, дзе ён жыў (пр. Незалежнасці, 19), на будынку кінастудыі (пр. Незалежнасці, 98) мемарыяльныя дошкі.