Russian Belarusian

Колас Якуб
(сапр. Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч)
(1882—1956)

Колас Якуб

Якуб Колас (сапр. Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч) нарадзіўся 3.11.1882 у в. Акінчыцы Мінскай вобласці. Беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч. Народны паэт Беларусі (1926), акадэмік Акадэміі навук Беларусі (1928), заслужаны дзеяч навук Беларусі (1944).

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—1906 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі раён) і в. Пінкавічы (Пінскі раён), у Верхменскім народным вучылішчы (Смалявіцкі раён). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.07.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі раён) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газеце «Наша ніва» (1907). 15.09.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення. У 1912—1914 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У верасні 1915 мабілізаваны ў армію. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. У 1918 дэмабілізаваны. У 1921 вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літаратурнай камісіі па збіранні вуснай народнай творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі. У Вялікую Айчынную вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце, Маскве. З 1944 у Мінску.

Першыя літаратурныя спробы Коласа адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рускай мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газета «Наша доля», 1.09.1906). Першы зборнік вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Колас значна пашырыў жанравыя магчымасці беларускай паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філасофскай лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). Колас – адзін з пачынальнікаў мастацкай прозы ў беларускай літаратуры (апавяданне «Слабода»). Яго проза вызначаецца непаўторным нацыянальным каларытам (зборнікі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914 і інш.). Глыбокім філасафічным зместам і мастацкай дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). У зборніку вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гістарычных умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (апублікавана ў 1923) праўдзіва адлюстравана становішча працоўнага сялянства на рубяжы 19—20 стст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сялянскага побыту, паэтызацыі працы. Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон музыка» (1911—1925) — твор аб народных вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Выключнае значэнне для станаўлення жанру беларускага рамана мелі «Палескія аповесці» («У Палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях»; завершана трылогія ў 1954). Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х гадоў, яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—1931). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—1931), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—1956) Колас звяртаўся да паказу 1-й сусветнай і грамадзянскай войнаў. За вершы ваенных гадоў (зборнікі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943) Дзяржаўная прэмія СССР 1946 г. У 1947 Колас завяршыў паэму «Рыбакова хата» (Дзяржаўная прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе вёскі Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Заходняй Беларусі.

Я. Колас — адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных артыкулаў па найбольш актуальных праблемах грамадска-палітычнага, культурнага і літаратурнага жыцця.

Працаваў у галіне перакладу («Палтава» А. Пушкіна, некаторыя творы М. Лермантава і інш.).

З імем Коласа звязана станаўленне норм беларускай літаратурнай мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творы Коласа перакладзены на многія замежныя мовы.

У Мінску імя Я. Коласа носіць вуліца, завулак і плошча ў Савецкім і Першамайскім раёнах. На будынках устаноў, дзе ён працаваў, устаноўлены мемарыяльныя дошкі, на плошчы яго імя — помнік (1972), створаны літаратурны музей пісьменніка.

Колас Якуб

Колас Якуб

Колас Якуб

На вуліцы размешчаны: навучальныя карпусы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта, Мінскае вытворчае аб'яднанне вылічальнай тэхнікі, Мінскі навукова-даследчы прыборабудаўнічы інстытут.