Russian Belarusian

Багдановіч Максім Адамавіч
(1891—1917)

Багдановіч Максім Адамавіч

Багдановіч Максім Адамавіч нарадзіўся 9.12.1891 у Мінску. Беларускі паэт, перакладчык, літаратуразнавец, празаік.

Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—1896), жыў i вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) i Яраслаўлі (1908—1916). Скончыў Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй у Яраслаўлі (1916) i восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губернскай харчовай камісіі. У лютым 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр i пахаваны.

Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» (1907). Адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў «Вянок» (1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сацыяльна-палітычных канфліктаў. Асноўны кірунак творчасці — патрыятычнае служэнне сацыяльнаму i нацыянальнаму вызваленню беларускага народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці i братэрства, барацьба за гуманістычныя ідэалы.

Багдановіч-мастак асноўнай сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай літаратуры новымі тэмамі i формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам i прыродай. Галоўнае ў ix — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «3імой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты.

Багдановіч з Я. Купалам — заснавальнікі пейзажнай i інтымнай любоўнай лірыкі ў беларускай паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Baмi на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гістарычнай тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») i ўрбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць i гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»).

Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гістарычным самапазнанні народа i сцвярджэнні яга месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай i песенна-народнай паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А. Пушкіна, Л. Фета, Ф. Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рускай паэзіяй, узбагаціў родную літаратуру перадавымі ідэямі i багатым эстэтычным вопытам. Зборнік «Вянок» стаў у беларускай паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нацыянальнай глебе. Школай высокага майстэрства з'яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч i як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф. Шылера, Г. Гейнэ, А.Ф. Арвера, П. Верлена, Э. Верхарна, Ю. Святагора, А. Пушкіна, А. Майкава, А. Крымскага, М. Розенгейма, А. Алеся. Перакладаў на рускую мову творы Я. Купалы, Т. Шаўчэнкі, I. Франко, В. Стафаніка, У. Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне беларускай міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанацыйнага складу беларускай народнай песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы так званага беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-народную паэтыку («Бяседная», «Лявонка», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нацыянальнага эпасу: гераічнага — «Максім i Магдалена», «Страцім-лебедзь», сацыяльна-бытавога — «Мушка-зелянушка i камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных i песенна-народных формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме pyбai — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму i народнасці — эстэтычных асноў перадавой беларускай літаратуры пач. 20 ст. («Глыбы i слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навуковай гicторыі беларускай літаратуры («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў беларускай нацыянальнай прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку i залатару...», 1914). Даследаваў літаратуру i гісторыю славянскіх народаў. Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—1916) у яраслаўскай газеце «Голос». Прозу, літаратуразнаўчыя i публіцыстычныя артыкулы часткова пicaў на рускай i украінскай мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. Яна уплывае на развіццё беларускай паэзіі i сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека i высокай культурай паэтычнага слова. Некаторыя вершы сталі народнымі песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А. Бачылы кампазітар Ю. Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970).

У Мінску яго імя носіць вуліца (1991) і завулак (1966), гарадская бібліятэка № 8, сярэдняя школа № 40, на доме № 25 мемарыяльная дошка (1959, новы варыянт 1982). У 1981 створаны Літаратурны музей М. Багдановіча, у скверы на плошчы Парыжскай Камуны ўстаноўлены помнік паэту.

Багдановіч Максім Адамавіч

Багдановіч Максім Адамавіч

Багдановіч Максім Адамавіч

На вуліцы размешчаны: Траецкае прадмесце, Літаратурны музей М. Багданавіча, Музей гісторыі беларускай літаратуры, Мінскае ваеннае сувораўскае вучылішча, Ваеннае інфармацыйнае агенства Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь «Ваяр», спартклуб «Татэм». Да вуліцы прылягаюць сквер Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (у ім устаноўлены помнік Багданавічу) і Парк дружбы народаў.